ЗАРАБО́ТНАЙ ПЛА́ТЫ ЖАЛЕ́ЗНЫ ЗАКО́Н,
канцэпцыя, паводле якой сярэдняя зарплата вызначаецца велічынёй затрат, што забяспечваюць існаванне і аднаўленне рабочай сілы. Закон сфармуляваны Ф.Ласалем. У яго аснову пакладзена канцэпцыя выдаткаў вытв-сці, што складаюцца з працы і капіталу; якія фарміруюць цану прадукту. Прац. выдаткі павінны ўключаць затраты на харчаванне, вопратку, падтрыманне працаздольнасці. Зарплата вагаецца вакол гэтай сумы, бо калі яна будзе, напр., вышэй, то гэта прывядзе да паляпшэння дабрабыту, росту колькасці насельніцтва, павелічэння прапаноў рабочай сілы, што ў сваю чаргу знізіць зарплату. Калі ж зарплата зменшыцца, то пагоршыцца дабрабыт, упадзе нараджальнасць, знізіцца прапанова рабочай сілы, што прывядзе да росту аплаты працы.
т. 6, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)